Баннеры на главную бел
Астанкі пагранiчнiка-беларуса перададзены і ўрачыста перапахаваны на тэрыторыі храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Тарасава

Год малой радзімы

Астанкі пагранiчнiка-беларуса перададзены і ўрачыста перапахаваны на тэрыторыі храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Тарасава

19.06.2018 1477
Астанкі пагранiчнiка-беларуса перададзены і ўрачыста перапахаваны на тэрыторыі храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Тарасава

У пачатку чэрвеня 2018 года на беларуска-ўкраінскай гранiцы на тэрыторыі паміж пунктамі пропуску «Новая Гута» - «Новыя Ярылавічы» адбылася цырымонія перадачы астанкаў ураджэнца Беларусі, малодшага сяржанта Цімафея Андрэевіча Марозава. Вайсковец 21-га кавалерыйскага палка Заходняй пагранічнай акругі ў ліпені-жніўні 1941 года падчас гераічных баёў па абароне Украінскай ССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінуў у раёне сяла Падвысокае Новаархангельскага раёна Кіраваградскай вобласці Украіны. На гэтай тэрыторыі на працягу ўжо некалькіх гадоў вядуцца пошукавыя работы, у выніку якіх былі знойдзены масавыя пахаванні савецкіх воінаў, якія загінулі ў ліпені-верасні 1941 года. Дзякуючы карпатлівай працы пошукавікаў і судмедэкспертаў некаторых загінулых удалося ідэнтыфікаваць. Сярод іх - астанкi пагранiчнiка, малодшага сяржанта Марозава Цімафея Андрэевіча, ураджэнца Беларускай ССР. Арганізацыя, якая праводзіць раскопкі, не змагла знайсці яго сваякоў, якія пражываюць на тэрыторыі беларускай дзяржавы, таму праз Дзяржпагранслужбу Украіны звярнулася ў Дзяржпагранкамітэт Беларусі з просьбай разгледзець пытанне аб перадачы ведамству астанкаў і салдацкага медальёна малодшага сяржанта Марозава. Пасля ўдакладнення інфармацыі было ўстаноўлена, што Цімафей Андрэевіч - ураджэнец вёскі Судзілавічы Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Аднак сваякоў пагранічніка не знайшлі: яго родная вёска падчас вайны была цалкам зруйнавана і адроджана толькі ў пасляваенны час. На цырымоніі перадачы астанкаў выступілі прадстаўнікі Дзяржпагранкамітэта Беларусі і Адміністрацыі Дзяржпагранслужбы Украіны, пошукавага атрада «Зялёная Брама», атрадаў «Юны сябар пагранічніка» абедзвюх краін. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Кіраваградскай, Чарнігаўскай, Гомельскай абласцей і духавенства. Намеснік Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Уладзімір Маісеенка ад імя кіраўніцтва пагранічнага ведамства і ад усіх беларускіх пагранiчнiкаў выказаў словы сардэчнай падзякі кіраўніцтву Дзяржаўнай пагранiчнай службы Украіны за садзеянне ў перадачы астанкаў воіна-пагранiчнiка. Асобыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас валанцёраў пошукавага атрада «Зялёная Брама», якія вяртаюць з нябыту тых, хто лічыўся зніклым, і чый лёс быў невядомы. Як адзначыў Уладзімір Маісеенка, цяпер сям'ёй малодшага сяржанта Марозава будуць усе пагранічнікі Рэспублікі Беларусь, бо кожны, хто надзеў зялёныя пагоны, верай і праўдай выконваў свой абавязак, становіцца часткай адной вялікай сям'і. Праз два тыдні пасля перадачы астанкаў на тэрыторыі храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Тарасава пад Мінскам адбылася жалобная цырымонія перапахавання пагранiчніка, малодшага сяржанта Цімафея Андрэевіча Марозава, які загінуў на тэрыторыі Украінскай ССР летам 1941 года. У ёй прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, намеснік старшыні Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Уладзімір Маісеенка, Старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы  па ўзаемадзеянні з Узброенымі Сіламі і іншымі вайсковымі фармаваннямі Рэспублікі Беларусь протаіерэй Сергій Кузьмянкоў, а таксама афіцэры Дзяржпагранкамітэта, вайскоўцы, курсанты Інстытута пагранічнай службы, ветэраны-пагранічнікі.

Як адзначыў у сваім выступе Мітрапаліт Павел, дзякуючы сумеснай працы атрымалася ўсталяваць імя воіна, даставіць яго астанкі на Радзіму і пахаваць з вайсковымі ўшанаваннямі. Вельмi значна, што пагранiчнiкi шануюць памяць сваіх папярэднікаў, і Цімафей Марозаў з'яўляецца яркім прыкладам. Трэба памятаць пра нашых абаронцаў, таму што дзякуючы іх подзвігу мы сёння жывем у мірны час!