Баннеры на главную бел

Зарабляў падробкай дакументаў: пінскія пагранічнікі затрымалі жыхара Кобрына

19.08.2019

Супрацоўнікамі Пінскага пагранічнага атрада распачаты крымінальныя справы ў дачыненні да вытворцы і заказчыка падробных дакументаў. За парушэнне закона мужчынам пагражае да двух гадоў абмежавання волі.

Зарабляў падробкай дакументаў: пінскія пагранічнікі затрымалі жыхара Кобрына

У рамках праверкі аператыўных звестак пра факты падробкі дакументаў, пагранічнікі выйшлі на грамадзяніна Беларусі, які падаў у дзяржорганы падробленую даведку аб пацверджанні працоўнага стажу для налічэння пенсіі. Усталяваўшы заказчыка нелегальнага «тавару», адшукаць вытворцу – справа тэхнікі, і ў выніку комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў пагранічнікі затрымалі зламысніка.

Ім аказаўся 62-гадовы мастак, які, як высветлілася, займаўся вырабам і падробкай нелегальнага «тавару» на працягу доўгага часу. Акрамя таго, у 90-е жыхар Кобрына ужо трапляў у поле зроку праваахоўнікаў за «творчасць» з грашовымі купюрамі.

Пры аглядзе яго жылля пагранічнікі выявілі беларускія, украінскія і польскія пашпарты, пасведчанні аб заключэнні шлюбу і аб нараджэнні, атэстаты аб сярэдняй адукацыі, ваенны білет, бланкі працоўных кніг і дыплом аб вышэйшай адукацыі з дадаткам.

На дадзены момант праводзяцца далейшыя мерапрыемствы па ўсталяванні ўсіх асоб датычных да названай супрацьпраўнай дзейнасці.