Баннеры на главную бел

Першакурснікі Інстытута пагранічнай службы прысягнулі на вернасць беларускаму народу

01.09.2019

1 верасня ў Мінску на плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь курсанты першага курса Інстытута пагранічнай службы прынялі Ваенную прысягу. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел кіраўніцтва Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, ветэраны-пагранічнікі, а таксама бацькі і блізкія курсантаў.



«З прыняцця Ваеннай прысягі для будучага афіцэра пачынаецца шлях у прафесію. Сёння курсанты-пагранічнікі ўзялі на сябе асабістую адказнасць за абарону беларускага народа, бяспеку нашай дзяржавы і непарушнасць граніцы», – адзначыў Старшыня Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Анатоль Лапо. Таксама ён падкрэсліў, што кожнаму першакурсніку, трэба будзе напружана працаваць для асваення абранай прафесіі, спасцігаць усе тонкасці пагранічнай навукі, выхоўваць у сабе афіцэрскія якасці, каб заўсёды і ва ўсім быць прыкладам для падначаленых.

Увесь жнівень хлопцы рыхтаваліся да гэтага урачыстага мерапрыемства, асвойваючы асновы пагранічнай службы ў навучальным цэнтры Інстытута. Традыцыйны курс падрыхтоўкі быў цяжкім, але цікавым: стральба з баявой зброі, фізпадрыхтоўка, рукапашны бой, асновы тактыкі пагранічнай службы і знаёмства з іншымі дысцыплінамі. А напярэдадні – 28 жніўня, на базе Інстытута пагранічнай службы ўжо ў Мінску кожнаму маладому пагранічніку ўручылі адзін з найважнейшых сімвалаў службы вартавых граніцы – зялёную фуражку.

Гэты набор курсантаў 27-мы па ліку, і шэрагі беларускіх пагранічнікаў папоўніліся дзевяццю дзесяткамі будучых афіцэраў. У гэтым годзе конкурс склаў 3 чалавекі на месца. Сярод першакурснікаў большасць выпускнікоў агульнаадукацыйных школ. Чвэрць ад усяго набору складаюць выхаванцы ваенна-патрыятычных класаў, кадэцкіх вучэльняў і Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Таксама сярод паступіўшых ёсць і тыя, хто ўжо мае вопыт службы на граніцы.

Сёння ў Інстытуце пагранічнай службы асноўная ўвага надаецца практычным заняткам і прымяненню інавацыйных тэхналогій. За час навучання курсанты штогод стажыруюцца на дзяржаўнай граніцы, замацоўваючы тэарэтычныя веды. Лепшым даверана прадстаўляць пагранічнае ведамства на парадзе войскаў Мінскага гарнізона. Варта адзначыць, што ў рамках адукацыйнай праграмы, якія навучаюцца атрымліваюць пасведчанні кіроўцы катэгорыі «А» і «В».

На наступны год для абітурыентаў плануецца прадаставіць 90 месцаў і аднавіць набор дзяўчат.