Баннеры на главную бел

Анатоль Лапо павіншаваў пагранічнікаў і ветэранаў з юбілеем Дня Перамогі

08.05.2020

Таварышы афіцэры, прапаршчыкі, сяржанты, салдаты! Паважаныя работнікі! Дарагія ветэраны! Віншую Вас з 75-й гадавінай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне!

Анатоль Лапо павіншаваў пагранічнікаў і ветэранаў з юбілеем Дня Перамогі

Бясконца дарогое гэта свята беларускаму народу, які разам з мільёнамі савецкіх людзей адстаяў суверэнітэт сваёй краіны, унёс вырашальны ўклад у вызваленне Еўропы і ўсёй планеты ад фашысцкага прыгнёту.

У гэты дзень мы звяртаемся, перш за ўсё, да вялікага подзвігу гераічнага пакалення. Менавіта беларускі народ, які першым прыняў на сябе ўдар гітлераўскай Германіі, як ніхто іншы, спазнаў увесь цяжар мінулай вайны. Змардаваная, але непакорная Беларусь дзякуючы выключнай мужнасці і самаадданасці ўсяго насельніцтва ператварылася для захопнікаў у непрыступную крэпасць і ўвайшла ў сусветную гісторыю як рэспубліка-партызанка. Мужнасць і стойкасць, высокі маральны дух абаронцаў роднай зямлі сталі непераадольнай перашкодай «карычневай чуме».

Для нашай краіны 9 мая 1945 года быў, ёсць і будзе свяшчэнным днём, адной з самых значных і шануемых дат. Перамога над фашызмам была дасягнута цаной неймаверных намаганняў, вялікіх ахвяр і незаменных страт нашага народа. Дзень Перамогі назаўжды застанецца для нас і нашых нашчадкаў сімвалам самаадданасці і гераізму.

Цяперашняе пакаленне пагранічнікаў свята захоўвае памяць аб гераічных подзвігах воінаў у зялёных фуражках, якія першымі ўсталі на шляху ворага ў чэрвені 1941 года.

Сёння мы выказваем шчырую ўдзячнасць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за нястомную працу па патрыятычнаму выхаванню моладзі, за падтрымку ў будаўніцтве моцнай і квітнеючай Беларусі.

Праходзяць дзесяцігоддзі, змяняюцца пакаленні, але Вялікая Перамога – сімвал нацыянальнай гордасці, воінскай славы і доблесці – навечна ўпісана ў гераічны летапіс краіны.

Беражыце славу тых, хто заваяваў для нас магчымасць мірна жыць і спакойна працаваць на сваёй зямлі, выхоўваць дзяцей і ўнукаў, самастойна будаваць свой лёс у сваёй незалежнай дзяржаве.

Жадаю вам, вашым родным і блізкім, моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і далейшых поспехаў у службе на карысць нашай роднай Беларусі.


Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь

генерал-маёр Анатоль Лапо