Баннеры на главную бел

У Беларусі лібералізаваныя пытанні знаходжання і транзіту законапаслухмяных грамадзян у пагранічнай зоне і паласе

18.01.2019
У Беларусі лібералізаваныя пытанні знаходжання і транзіту законапаслухмяных грамадзян у пагранічнай зоне і паласе

Уступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2019 года №168-З «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях забеспячэння пагранічнай бяспекі». Для беларускіх грамадзян пашыраны пералік дакументаў, якія можна будзе прад'явіць пры знаходжанні ў пагранічнай зоне. Цяпер акрамя пашпарта грамадзянін пры праверцы дакументаў на свой выбар будзе мець права прад'явіць ваенны білет, вадзіцельскае або службовае пасведчанне. Замежныя грамадзяне цяпер змогуць без пропускаў ехаць транзітам праз пагранічную зону ў санаторыі, дамы адпачынку і наведваць аб'екты прыдарожнага сэрвісу.

Такая лібералізацыя значна спрашчае парадак наведвання грамадзянамі пагранічнай зоны, дазваляе стварыць новыя працоўныя месцы і дадатковыя ўмовы для ўключэння размешчаных у ёй зямель і аб'ектаў у гаспадарчы абарот, спрыяе павышэнню прывабнасці турыстычных аб'ектаў на прыгранічнай тэрыторыі.

Закон таксама прадугледжвае шэраг навацый, якія дадуць магчымасць умацаваць пагранічную бяспеку. Супрацоўнікі органаў пагранічнай службы будуць вызначаць месцы ўезду або ўваходу ў пагранічную паласу, а таксама часавы прамежак, у які можна знаходзіцца за межамі інжынерных збудаванняў і загарод. У межах пагранічнай паласы і пагранічнай зоны ўсталеўваюцца дадатковыя абмежаванні: так, напрыклад, у межах пагранпаласы забараняецца выкарыстанне без узгаднення з пагранічнікамі аптычных прыбораў, таксама забараняецца пераадольваць інжынерныя збудаванні і загароды.

Дадзенае змяненне абумоўлена, у першую чаргу, актывізацыяй супрацьпраўнай дзейнасці на Дзяржаўнай граніцы. У сувязі з гэтым перад органамі пагранічнай службы сур'ёзна паўстала пытанне аб неабходнасці арганізацыі дакладнага кантролю за фізічнымі асобамі, што знаходзяцца на рэжымнай тэрыторыі. Не сакрэт, што асобныя грамадзяне пад выглядам збору грыбоў, ягад, рыбалкі, пад выглядам турыстаў усё часцей наведваюць прылеглую да граніцы тэрыторыю для ажыццяўлення супрацьпраўнай дзейнасці. Для процідзеяння пагранічнікам парушальнікі ўсё часцей выкарыстоўваюць розныя тэхнічныя сродкі, у тым ліку біноклі, прыборы начнога бачання, цеплавізары, фотапастка і г.д.

Названыя новаўвядзенні не акажуць істотнага ўплыву на паўсядзённую жыццядзейнасць законапаслухмяных грамадзян, разам з тым прыняцце дадзеных мер будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці выканання пастаўленых перад органамі пагранічнай службы задач.

Акрамя таго, дакумент прадугледжвае магчымасць выкарыстання аўтаматычных сродкаў пагранічнага кантролю, што будзе актуальным пры выдачы грамадзянам Беларусі біяметрычных пашпартоў. Гэта так званыя «электронныя вароты», якія дазваляюць ажыццяўляць пагранічны кантроль без непасрэднага ўдзелу кантралёра. Такое абсталяванне ў парадку эксперыменту ўжо паспяхова выкарыстоўвалася ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, у выніку чаго зроблены вывад аб магчымасці яго ўкаранення. Прымяненне аўтаматычных сродкаў пры ажыццяўленні пагранічнага кантролю значна скароціць час, неабходны для яго праходжання.

Законам таксама ўрэгулявана надзяленне мытных органаў паўнамоцтвамі па выкананні асобных функцый органаў пагранічнай службы, у тым ліку па ажыццяўленню пагранічнага кантролю. Перадача часткі функцый дасць магчымасць вызваліць каля сотні пасад у органах пагранічнай службы, якія будуць пераразмеркаваны ў падраздзялення, якія непасрэдна ахоўваюць граніцу на ўкраінскім і прыбалтыйскім участках, а таксама ў Нацыянальны аэрапорт Мінск. Ва ўмовах абмежаванага людскога рэсурсу ведамства гэта асабліва важна напярэдадні правядзення ў Беларусі II Еўрапейскіх гульняў, якія будуць забяспечваць, у тым ліку, і пагранічнікі.

Прынятыя змяненні будуць спрыяць развіццю беларускага заканадаўства ў сферы дзяржаўнай пагранічнай палітыкі і арганізацыі пагранічнай бяспекі, абароне правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў.